:: polska wersja :: :: english version :: :: версія украіньска :: :: русская версия ::  

 

:: дадай да выбранага :: :: кантакт :: наша э-пошта :: :: кантакт :: наш адрас :: :: вярніся на галоўную ::

 
 
 
 
 
 

Праект ажыцьцяўляецца дзякуючы фінансавай дапамозе Пасольства Каралеўства Нідэрляндаў у Варшаве, Пасольства Канады ў Варшаве і National Endowment for Democracy ў Вашынгтоне

 

:: Nasz sponsor ::

 

 

The National Endowment for Democracy

 

 

 

 

[ камэнтары ] 

 

калі суседзі прыкідваюцца... 
 

Калі суседзі прыкідваюцца, што не заўважаюць адзін аднаго 
POLITYKA 43 (2475) 23.10.2004

Апрацаваны год таму дакумэнт МЗС, датычны польскай усходняй палітыкі, запрапанаваў у дачыненьні да Беларусі дваістую палітыку, палягаючую, з аднаго боку, на інтэнсыфікацыі адносінаў з уладамі Беларусі, а з другога – на падтрымліваньні кантактаў зь беларускай апазыцыяй. Няшмат атрымалася і з аднаго, і з другога. 

Узмоцнены ціск на адносіны зь беларускімі ўладамі ня выклікаў адкрытага стаўленьня сярод беларускіх чыноўнікаў. Візыты міністра замежных справаў Беларусі ў Польшчу (люты 2004), прабываньне польскага прэм’ера пад Леніна (кастрычнік 2003), урэшце кантакты на высокім узроўні з адміністрацыяй прэзыдэнта не прынесьлі ніякіх карысных вынікаў. 

Канрэтная супраца існуе толькі паміж памежнымі службамі – зь вялікай помпай праходзілі супольныя практыкаваньні польскіх і беларускіх пажарнікаў, якія можна было арганізаваць без удзелу вялікай дыпляматыі. Адказам беларускіх уладаў на польскія ініцыятывы была дэпартацыя польскага вайсковага аташэ за ўяўны шпіянаж, што дзіўным чынам супала з плянаваным прыездам прэм’ера Беларусі С.Сідорскага на Эўрапейскі Эканамічны Форум 28-30 красавіка 2004 году ў Варшаве (гэты візыт у канцы канцоў быў адкліканы). 

За посьпех было прызнанае ўвядзеньне візаў для грамадзянаў Беларусі – бяз большых пратэстаў з боку нашых суседзяў. Аднак Беларусь не зрабіла падобнага жэсту як Украіна й не адмовілася ад візаў для палякаў узамен за бясплатныя візы для беларусаў. Удалося дасягнуць паніжэньня цэнаў візаў па абодвух бакох, і то толькі ў траўні 2004 году.

Утрымліваньне зь Беларусяй афіцыйных адносінаў на высокім узроўні зусім не супадае з палітыкай Эўрапейскага Зьвязу й вострымі заявамі эўрапейскіх інстытутаў, датычнымі парушэньня правоў чалавека, а таксама з практыкай непрыманьня прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якой прытрымліваюцца зьвязаўскія краіны. У выніку, гэта ня Польшча сёньня вызначае палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да ўсходніх суседзяў, у тым ліку й Беларусі. Большы ўплыў маюць на яе сёньня чэхі, славакі, летувісы й латышы, якія раней не цікавіліся Беларусяй. 

Усе дзеяньні Міністэрства Замежных Справаў мелі выпадковы характар, таму што Беларусь ня мае большага значэньня для польскага МЗС – адзначаюць аўтары публікацыі. Хопіць прыгадаць, што цягам апошніх двух гадоў ведамасны спэцыяліст па справах Беларусі мяняўся тройчы. Кожнаму з чарговых чыноўнікаў трэба было ад пачатку знаёміцца з гэтай краінай. 

Нягледзячы на ранейшыя заявы пра зацікаўленьне польскага МЗС у супрацы зь няўрадавымі арганізацыямі, ня выйшла яна па-за сфэру дэклярацыяў. Была пакліканая рада па справах кантактаў зь няўрадавымі арганізацыямі, якая цягам двух гадоў сустрэлася толькі два разы. Праца над законам пра падтрымку дзейнасьці ў замежжы праводзілася вельмі марудна. Адмысловыя фонды ў гэтай галіне дзейнічаюць ва ўсіх краінах Эўразьвязу – былі яны пакліканыя ў Летуве й Латвіі; славакі прызначылі на дзейнасьць свайго фонду ў 2004 годзе аж 8 мільёнаў эўра. У нас такога фонду няма, што значна абмяжоўвае магчымасьці працы польскіх няўрадавых арганізацыяў за ўсходняй мяжой Эўрапейскага Зьвязу, а польскія ж арганізацыі да нядаўна належалі да найбольш актыўных у гэтым рэгіёне.

Войцеіх Бародзіч-Смаліньскі й Павал Казанэцкі дадаюць, што дзейнасьць, якую польскія арганізацыі вядуць у Беларусі, не заўсёды даспадобы польскаму ўраду, таму што псуюць адносна пазытыўны імідж польскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі ў вачох прэзыдэнта А.Лукашэнкі. Гэты станоўчы вобраз часам размываецца, калі прадстаўнікі польскіх няўрадавых арганізацыяў атрымліваюць забарону ўезду ў Беларусь. 

У 2003 і 2004 гадох беларускія ўлады дэлегалізавалі амаль 50 найбольш актыўных няўрадавых арганізацыяў. Працэс ліквідацыі працягваецца. Адначасова была ўстрыманая рэгістрацыя новых арганізацыяў. У гэтым жа часе было закрыта 20 незалежных газэтаў. Сёньня ў Менску існуюць толькі дзьве, але іхны наклад і распаўсюд былі значна абмежаваныя. Пра незалежныя электронныя мас-мэдыя няма што й згадваць, хаця існуюць два інтэрнэтавыя сайты, якія, па меры магчымасьцяў, запэўніваюць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў гэтай краіне: Радыё Свабода й арганізацыі Хартыя ’97. На жаль, доступ да інтэрнэту ў Беларусі не зьяўляецца ўсеагульным. 

Адначасова практыкуецца цэнзура ў адукацыі й літаратуры. Пачаткова ейным заданьнем было толькі выкараненьне беларускае мовы са школаў. У гадох 1995-2001 былі зьліквідаваныя дзьве трэція школаў зь беларускай мовай навучаньня. У Горадні, нягледзячы на пратэсты бацькоў, былі зачыненыя ўсе школы зь беларускай мовай. Сымбалем змаганьня за беларускую школу стаўся Беларускі Гуманітарны Ліцэй у Менску, зачынены ў 2003 годзе. Гэтым разам справа была ня ў мове, але ў неацэнзураванай праграме навучаньня. У іншых былі ўведзеныя новыя школьныя падручнікі, знаёмячыя школьнікаў толькі зь гісторыяй Расеі – а Беларусі – выключна як часткі Імпэрыі. У школы вярнуўся Ленін. Нядаўнае адкрыцьцё помніка Дзяржынскаму сталася важнай дзяржаўнай урачыстасьцю. У школы й унівэрсытэты быў уведзены новы прадмет – дзяржаўная ідэалёгія, галоўнай тэзай якой зьяўляецца культ адзінкі: правадыр заўсёды мае рацыю... Цягам некалькіх гадоў з больш чым ста прыватных сярэдніх і вышэйшых школаў захавалася ўжо толькі шэсьць. Кульмінацыяй было закрыцьцё адзінага прыватнага Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту. Увядзеньне прэзыдэнцкага кіраваньня Акадэміяй Навук таксама абмежавала свабоду навуковых дасьледаваньняў. 

Паміж студзенем і ліпенем бягучага году ўлады ўзбудзілі 10 новых судовых працэсаў супраць асобаў, заангажаваных у дзейнасьць апазыцыйных палітычных груповак. У першай палове верасьня двое дзеячаў Саюзу Прадпрымальнікаў з Горадні былі прысуджаныя да двух гадоў пазбаўленьня волі за „абразу прэзыдэнта”, таму што распаўсюджвалі сатырычныя ўлёткі, у якіх паведамлялася, што кожныя вакацыі праводзіць ён за мяжою за кошт падаткаплатнікаў... Уведзеная сёлета сыстэма кантрактнай працы дае працадаўцам практычна неабмежаваныя магчымасьці звальняньня працаўнікоў. Трэба тут прыгадаць, што 80% грамадзянаў Беларусі працуе ў дзяржаўным сэктары. Распараджэньнем прэзыдэнта пра неабходнасьць павышэньня дысцыпліны ў фірмы былі ўведзеныя ідэалягічныя працаўнікі, якія назіраюць за „правільным ідэалягічным разьвіцьцём”, а закон, прыняты парлямэнтам па ініцыятыве кіраўніка беларускай службы бясьпекі (КДБ), дае магчымасьць працаўладкоўваць у прадпрыемствах г.зв. сакрэтных супрацоўнікаў, якія маюць неабмежаваныя магчымасьці шпіянажу. Такі сакрэтны супрацоўнік бяскарны, а самая размова зь ім на тэму ягоных сапраўдных задачаў можа быць падставай абвінавачаньня ў дзейнасьці на шкоду дзяржавы.

Дарма б шукаць заяваў міністра замежных справаў Польшчы, праяўляючых занепакоенасьць гэтымі дзеяньнямі беларускіх уладаў; абмежаваньнем грамадзянскіх свабодаў, свабоды слова, дэлегалізацыяй апазыцыйных газэтаў, рэпрэсіямі ў дачыненьні да дэмакратычных сілаў у Беларусі. Адзіная афіцыйная заява МЗС, датычная палітычнай апазыцыі ў Беларусі, апублікаваная ў інтэрнэтавым выпуску МЗС, датуецца 14 кастрычніка 1999 году й датычыцца зьнікненьня Віктара Ганчара. Апрача гэтага Беларусь у афіцыйных заявах міністэрства паяўляецца толькі двойчы – раз у сувязі з праблемамі польскага прадпрыемства Inco-Food, ды раз у кастрычніку 2003 году ў сувязі з увядзеньнем новых прынцыпаў „пасажырскага руху” перад увядзеньнем візаў. 

Кантакты з прадэмакратычнымі апазыцыйнымі сіламі ў Беларусі абмежаваліся да візыту ў МЗС прадстаўнікоў апазыцыйнай Народнай Кааліцыі 5+ у сьнежні 2003 году. Нягледзячы на абяцаньні, міністэрства не было ў стане дапамагчы нават вучням зачыненага беларускімі ўладамі Беларускага Гуманітарнага Ліцэя імя Якуба Коласа ў Менску. Ліцэістам у сваю чаргу дапамаглі: Нямеччына, Чэхія й Летува. 

Сёньняшнія парлямэнцкія выбары гэта важная падзея ў палітычным жыцьці беларусаў. Першыя ад 1995 году, на якіх стараюцца балятавацца апазыцыйныя кандыдаты. Але разам зь імі адбудзецца канстытуцыйны рэфэрэндум, які дасьць магчымасьць сёньняшняму прэзыдэнту выконваць сваю функцыю неабмежаваную колькасьць тэрмінаў паўнамоцтваў. 

Што на гэта ўсё польскае МЗС і творцы нашай усходняй палітыкі? Менавіта... місія доўгатэрміновых назіральнікаў з Польшчы на парлямэнцкія выбары 17 кастрычніка была апошнім часам адкліканая. Пра выезд у Беларусь 13 кароткатэрміновых назіральнікаў таксама не было вядома да канца, і канчатковае рашэньне было прынятае толькі на пачатку кастрычніка, таму што ў міністэрстве не было грошай. Існуе перакананьне, што ў Беларусі й так ня будзе ніякіх зьменаў, а ў польскім бюджэце няма фінансавых сродкаў на такую дзейнасьць. Падобная бесклапотнасьць праяўляецца таскама ў выпадку нашага стратэгічнага партнэра – Украіны. Таксама ў гэтым выпадку міністэрства ў стане прафінансаваць ня больш, чым 10 назіральнікаў. Як няцяжка дагадацца, бальшыня асобаў, якія паедуць у гэтых „кантынгентах”, будуць складаць супрацоўнікі ведамства альбо адміністрацыі. Ізноў няўрадавыя арганізацыі былі сапхнутыя на другі плян, хаця – як гэта мае месца ў выпадку Ўкраіны – узялі на сябе цяжар арганізацыі місіі назіральнікаў. 

Здаецца, што калі б ня праца й ахвярнасьць дыпляматаў з пляцовак у Менску й Кіеве, міністэрства даўно забыла б, што ўсходнюю палітыку трэба ажыцьцяўляць на Ўсходзе, а ня толькі ў Брусэлі. 

Асноўнай праблемай, якую трэба вырашыць у польскай усходняй палітыцы, зьяўляецца брак рэальнага зацікаўленьня нашымі ўсходнімі суседзямі. Магчыма, цяпер, калі мы зьяўляемся чальцамі Эўрапейскага Зьвязу й калі ўсе ранейшыя стратэгічныя мэты замежнай палітыкі ажыцьцявіліся, варта задумацца, якое месца зоймуць у ёй усходнія суседзі? Ці аддзелімся ад іх мурам, ці пачнем будаваць больш актыўныя эканамічныя, дыпляматычныя й грамадзкія кантакты? Можа замест будаваць дваістую палітыку, трэба сфармуляваць стратэгію адносінаў на многіх узроўнях, якія будуць утрымлівацца рознымі суб’ектамі эканамічнага, палітычнага й грамадзкага жыцьця. Аднак дзеля гэтага неабходная пасьлядоўнасьць, і трэба дапусьціць да польскай замежнай палітыкі грамадзкія чыньнікі. У іх, здаецца, значна больш сэрца да Ўсходу, чым у нашых чыноўнікаў.

Войцех Бародзіч-Смаліньскі - выпускнік Эўрапейскага Цэнтра Варшаўскага Ўнівэрсытэту; быў каардынатарам праекту „Партнэрства для Эўропы – Польшча-Беларусь” Польскай Фундацыі імя Р.Шумана, а сёньня супрацоўнік Цэнтра Міжнародных Адносінаў

Павал Казанэцкі - старшыня Ўсходнеэўрапейскага Дэмакратычнага Цэнтра; раней быў каардынатарам беларускай праграмы Фундацыі IDEE; з паловы 90-х гадоў супрацоўнічае зь няўрадавымі арганізацыямі й СМІ зь Беларусі; аўтар публікацыяў на тэму Беларусі й беларускага трэцяга сэктара

 

 

[ камэнтары ]

 

пра нас  |  пра рэгіён  |  бібліятэка  |  спасылкі  |  форум

webmaster