|
29.10.2004,
Прэс-служба ГА" Беларуская асацыяцыя журналістаў"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) стала лаурэатам прэміі імя А. Сахарава за свабоду думкі
(Sakharov Prize for Freedom of Thought), якую штогод уручае Еўрапарламент. Імя пераможцы, якое лідэры палітычных груп Еўрапарламента выбралі сярод трох прэтэндэнтаў, было агучана 28-га кастрычніка ў Бруселі. БАЖ быў прапанаваны ў якасці кандыдата на атрыманне прэміі групай парламентароў ад Еўрапейскай народнай партыі. Цырымонія ўзнагароджання мае адбыцца ў снежні г.г.
"Беларуская асацыяцыя журналістаў праяўляе сябе як змагар за незалежныя медыі", - гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе, распаўсюджаным з гэтай нагоды. Прэзідэнт Еўрапарламента Джозэп Борэл заявіў, што "прысуджэнне прэміі Сахарава -2004 Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая змагаецца за свабоду інфармацыі насуперак спробам прэзідэнта Лукашэнкі задушыць яе, з'яўляецца вельмі станоўчай падзеяй. Вынікі апошніх выбараў у гэтай краіне паказалі, што тыя, хто змагаецца за свабоду інфармацыі ў Беларусі і ва ўсім свеце, заслугоўваюць нашай падтрымкі", - заявіў Дж. Борэл.
Сахараўская прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 1988 г., "за дасягненні ў справе змагання за правы і асноўныя свабоды чалавека, за абарону правоў меншасцяў, павагу да міжнароднага права, унёсак у развіццё дэмакратыі і адстойванне вяршэнства закона". Першым лазрэатам прэміі Сахарава (у 1988 г.) быў Нэльсан Мандэла; у 2003 г. узнагароду прысудзілі Арганізацыі аб'яднаных нацый.
|